Уругвай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уругвай
República Oriental del Uruguay
Герб Уругвая
Сцяг Уругвая Герб Уругвая
Дэвіз: «Libertad o Muerte
(бел.: «Свабода альбо смерць»
Гімн: «Orientales, la Patria o la tumba»
Дата незалежнасці 25 жніўня 1825 (ад Бразіліі)
Афіцыйная мова іспанская
Сталіца Мантэвідэа
Найбуйнейшыя гарады Мантэвідэа
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Луіс Альберта Лакалье Поу

Беатрыс Архімон Седэйра

Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
88-я ў свеце
176 220 км²
1,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

3 444 000[1] чал. (130-я)
19 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$82 641 млн  (91-ы)
$23 571  (60-ы)
Этнахаронім уругвайцы
Валюта Уругвайскае песа
Інтэрнэт-дамен .uy
Код ISO (Alpha-2) UY
Код ISO (Alpha-3) URY
Код МАК URU
Тэлефонны код +598
Часавыя паясы -3
Карта
Лугі ў дэпартаменце Сан-Хасэ
Лагоа-Мірын

Уругва́й (ісп.: Uruguay), афіцыйная назва — Усходняя Рэспу́бліка Уругва́й (ісп.: República Oriental del Uruguay [reˈpuβlika oɾjenˈtal del uɾuˈɣwai]) — дзяржава ў паўднёва-ўсходняй частцы Паўднёвай Амерыкі, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. На поўначы мяжуе з Бразіліяй, на захадзе з Аргенцінай, на ўсходзе і поўдні абмываецца Атлантычным акіянам.

Сталіца — горад Мантэвідэа. Унітарная прэзідэнцкая рэспубліка, падзяляецца на 19 дэпартаментаў. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (25 жніўня).

Індустрыяльна-аграрная краіна, адна з найбольш паспяховых эканомік Лацінскай Амерыкі. З’яўляецца членам МЕРКАСУР

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле назвы ракі Уругвай. З мовы гуарані «Уругвай» перакладаецца як «рака рознакаляровых птушак»

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

На поўначы мяжуе з Бразіліяй, на захадзе — з Аргенцінай, з апошняй мяжа праходзіць цалкам па рацэ Уругвай. На ўсходзе абмываецца Атлантычным акіянам, на ўзбярэжжы шматлікія лагуны; на поўдні абмываецца эстуарыем Ла-Плата, за якім ляжыць аргенцінская зямля.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Уругвай размешчаны ў межах Паўднёва-Амерыканскай платформы. Рэльеф пераважна раўнінна-градавы. На паўночным захадзе трапавае лававае плато Аэда вышынёй да 473 метраў, якое на захадзе спадзіста спускаецца да ракі Уругвай, на ўсходзе абрываецца ўступам Кучылья-дэ-Аэда. Унутраную частку займае хвалістая раўніна басейна ракі Рыа-Негра, абкружаная градамі і плато вышынёй да 420 метраў. На захадзе і поўдні — частка Ла-Плацкай нізіны, на ўсходзе — пясчаная берагавая нізіна Атлантычнага акіяна. На поўдні асобна ўзвышаецца найвышэйшы пункт Уругвая — гара Катэдраль (514 метраў). Запасы карысных выкапняў невялікія: жалезамарганцавыя руды, невялікія паклады золата, серабра, свінцу, медзі і інш.

Клімат субтрапічны, акіянічны. Сярэдняя тэмпература ліпеня 10-12 °C, студзеня — 22-24 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на поўдні і ва ўнутраных раёнах да 1200 мм на поўначы. У ліпені з поўдня могуць уварвацца халодныя вятры пампера. Рачная сетка густая; галоўныя рэкі — Уругвай на заходняй мяжы і Рыа-Негра, што перакрэслівае краіну з паўночнага усходу на паўднёвы захад. На Рыу-Негра створана буйное вадасховішча Рынкон-дэ-Банетэ. Уздоўж узбярэжжа цягнуцца лагунныя азёры, найбуйнейшае: Лагоа-Мірын на мяжы з Бразіліяй.

Пераважаюць субтрапічныя травяністыя саванны (кампас) на чырванавата-чорных глебах прэрый. Уздоўж рэк галерэйныя вечназялёныя лясы, на поўдні хмызняковая саванна, на ўсходзе пальмавыя гаі. Пад лесам каля 6 % тэрыторыі. Нацыянальныя паркі: Каба-Палонья, Санта-Тэрэса.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да XVI стагоддзя на ўругвайскай зямлі жылі плямёны індзейцаў чаруа, якія не мелі моцных традыцый дзяржаўнасці. З 1515 году пачалося пранікненне іспанцаў. Да XVIII стагоддзя гэтая тэрыторыя не цікавіла каланізатараў, хіба кантрабандысты выкарыстоўвалі яе для перапраўкі тавараў у Буэнас-Айрэс. Толькі у 1724 годзе быў заснаваны Мантэвідэа, у 1750 іспанцы афіцыйна замацавалі гэтую тэрыторыю за сабой пад назвай Усходняя паласа (Banda Oriental), у складзе віцэ-каралеўства Перу, у 1776—1810 гадах — віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Індзейцы чаруа былі цалкам знішчаны, часткова яны змяшаліся з каланізатарамі.

У пачатку ХІХ стагоддзя барацьбу за незалежнасць узначаліў Хасэ Арцігас, якога празвалі «лідарам нацыі гауча» (el lider de la Nación Gaucha), прычым барацьба вялася спачатку з іспанцамі, а пасля — з магутнымі суседзямі, Бразіліяй і Аргенцінай. У 1810 у выніку травеньскай рэвалюцыі з’явілася дзяржава Злучаных правінцый Рыо-дэ-ла-Плата, куды ўругвайскія землі пад назвай Усходняя правінцыя ўваходзілі разам з сучаснай паўночнай Аргенцінай. Але Уругвай прагнуў незалежнасці.

Juan Manuel Blanes, Клятва 33 арыенталіс

Незалежны Уругвай паўстаў у выніку аргенцінска-бразіліскага канфлікта. У 1816 годзе з маўклівай згоды Буэнас-Айрэсу Усходняя правінцыя была акупавана Бразіліяй. У 1825 група партызан, вядомыя як 33 Арыенталіс, на чале з Хуанам Лавальеха павялі барацьбу з бразільскімі войскамі, якую Буэнас-Айрэс на гэты раз ужо падтрымаў. У выніку трохгадовага канфлікта бразільцы былі вымушаны адмовіцца ад сваіх прэтэнзій. У 1828 Уругвай атрымаў незалежнасць і сваю сучасную назву. 25 жніўня 1825 — дзень выгнання бразільскіх акупантаў — стаў днём незалежнасці.

У 1831 адбылося апошняе паўстанне індзейцаў чаруа, у бітве пры Сальсіпуэдэсе загінулі амаль усе індзейскія воіны. У 1830-х сфарміраваліся дзве галоўныя палітычныя партыі: прабразільскія «чырвоныя» і прааргенцінскія «белыя». У залежнасці ад таго, якая патрыя была ва ўладзе, Уругвай арыентаваўся на адпаведнага суседа. Апазіцыйная ж партыя магла «запрасіць» сабе на дапамогу войскі іншага суседа. У 1865 Уругвай быў уцягнуты у вайну супраць Парагвая.

У апошнія дзесяцігоддзі XIX стагоддзя ва Уругваі ўмацоўвалася стабільнасць. Назіраўся эканамічны рост, звязаны з развіццём жывёлагадоўлі. Уругвай з’яўляецца другой краінай у свеце, якая абвясціла абавязковую і бясплатную адукацыю (1877). Тады ж Уругвай сталі называць «Паўднёваамерыканскай Швейцарыяй»

У 1929 году пачалася Вялікая дэпрэсія, што нанесла значны ўдар па эканоміцы Уругвая. 1930-я — 1970-я сталі часам ваенных пераваротаў і шматлікіх непрацяглых дыктатур. З 1970-х Уругвай прытрымліваецца пераважна левай палітычнай арыентацыі. У 1967—1971 у краіне дзейнічаў марксіцкі партызанскі рух Тупамарас, у якім удзельнічаў і будучы прэзідэнт Хасэ Мухіка. У 1991 годзе Уругвай ўступіў у эканамічны блок МЕРКАСУР.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнт Табара Васкес і яго жонка Марыя Дэльгада

Уругвай — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1967 года. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў без права пераабрання на другі тэрмін запар. Цяперашні прэзідэнт — сацыяліст Табара Васкес, быў абраны ў 2015 годзе. Да гэтага ён быў прэзідэнтам у 2005—2010. Паміж яго тэрмінамі Уругваем кіраваў левы палітык Хасэ Мухіка.

Вышэйшы заканадаўчы орган — Генеральная асамблея Уругвая, якая складаецца з сената (30 сенатараў) і палаты прадстаўнікоў (99 дэпутатаў). Сенатары і дэпутаты абіраюцца тэрмінам на 5 гадоў. Асноўныя палітычныя сілы краіны — блок левых і левацэнтрысцкіх партый і рухаў «Шырокі фронт», а таксама традыцыйныя цэнтрысцкія партыі «Каларада» і «Бланка».

Уругвай — унітарная краіна, дзеліцца на 19 дэпартаментаў

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Імкнучыся выступаць з самастойных, ініцыятыўных і прагматычных пазіцый, Уругвай выказваецца за няўхільнае прытрымліванне міжнароднага права, прытрымліванне Статуту ААН, поўнасцю падтрымлівае прынцып шматбаковасці пры рашэнні галоўных міжнародных пытанняў. Мантэвідэа выступае за нераспаўсюджанне ядзернай і забарону хімічнай зброі, абмежаванне і скарачэнне звычайных узбраенняў, узброеных сіл і ваенных выдаткаў, актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці, барацьбы з міжнародным тэрарызмам і наркабізнесам. Уругвайская дыпламатыя імкнецца развіваць раўнапраўныя ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі свету, але з ухілам на Паўднёвую Амерыку. Важнае месца адводзіцца праблемам рэарганізацыі міжнародных эканамічных адносін на дэмакратычнай і справядлівай аснове. Уругвай выступае за палітычнае ўрэгуляванне рэгіянальных канфліктаў.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Прырост насельніцтва невысокі — каля 0,4 % у год[3], яго ствараюць станоўчы натуральны і міграцыйны складнікі. Нягледзячы на тое, што сучаснае насельніцтва Уругвая сфармавалі імігранты, апошніх паўстагоддзя сальда міграцыі было пераважна адмоўным (у 1963—2008). І толькі ў апошнія 10 год Уругвай прыцягвае мігрантаў больш, чым выштурхоўвае.

Мантэвідэа

Да прыходу еўрапейцаў на тэрыторыі сучаснага Уругвая пражывала толькі некалькі індзейскіх плямёнаў, пасля практычна цалкам знішчаных, таму 88 % насельніцтва Уругвая адносіцца да еўрапеоіднай расы, пераважна гэта нашчадкі іспанцаў і італьянцаў. 8 % насельніцтва складаюць метысы, 4,6 % — чарнаскурыя. 45 % уругвайцаў з’яўляюцца каталікамі, каля 10 % вызнаюць іншыя плыні хрысціянства. Каля 30 % сцвярджаюць, што вераць у бога, але не ведаюць, у якога, яшчэ 15 % — атэісты або агностыкі[4]. Сярод чарнаскурых уругвайцаў папулярная бразільская умбанда.

Шчыльнасць насельніцтва невысокая — 19 чалавек на 1 кв.км. Узровень урбанізацыі — 92 %. У сталічным горадзе, Мантэвідэа, пражывае каля каля 1,6 млн жыхароў, а ў агламерацыі Вялікі Мантэвідэа — 1,9 млн чалавек, або больш за палову насельніцтва краіны[5]. Іншыя вялікія гарады — Мальданада і Сальта.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Уругвай — індустрыяльна-аграрная краіна. Грашовая адзінка — уругвайскі песа (1 долар ЗША = прыкладна 24 песа). ВУП на душу насельніцтва — найвялікшы ў Паўднёвай Амерыцы (23 500 долараў у 2017)[6].

У пачатку ХХІ стагоддзя эканоміка Уругвая развіваецца паскоранымі тэмпамі. Уругвайскі ўрад ставіць у аснову эканамічнай палітыкі падтрымку фінансавай стабільнасці за кошт прытрымлівання рэкамендацыям МВФ. У выніку Уругваю ў цэлым атрымалася ліквідаваць знешнюю запазычанасць, памер якой прыраўноўваўся да аб’ёму ВУП краіны. У 2017 годзе ВУП Уругвая вырас на 3,5 %, у 2016 — на 1,5 %. Узровень беспрацоўя працаздольнага насельніцтва краіны — 7,3 %[7] (у 2005 — 12,5 %).

У краіне развітая банкаўская справа, дзейнічаюць філіялы найбуйнейшых замежных банкаў, функцыянуе рынак каштоўных папер. Мантавідэа з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Лацінскай Амерыцы цэнтраў міжнародных разлікаў. У апошнія дзесяцігоддзі імкліва развіваецца турызм.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Высокарэнтабеельная сельская гаспадарка — падмурак эканомікі краіны. На прадукцыю галіны прыходзіцца 75-80 % уругвайскага экспарту. Сельскагаспадарчыя землі (у асноўным, пашы) займаюць 90 % тэрыторыі Уругвая. У сельскай гаспадарцы дамінуе пашавая жывёлагадоўля мяса-воўнавага напрамку — гадоўля мясных парод буйной рагатай жывёлы (12 млн галоў) і воўнавых авечак (20 млн галоў). Па колькасці авечак на душу насельніцтва Уругвай саступае толькі Новай Зеландыі, кароў — стаіць на першым месцы ў свеце.

У раслінаводстве галоўныя сельскагаспадарчыя культуры — пшаніца, рыс, цукровы трыснёг, кукуруза, алейны лён, сланечнік, кармавая трава для быдла. Вырошчваюць таксама вінаград і цытрусавыя.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Карысных выкапняў практычна няма, таму здабыўная прамысловасць не мае вялікага значэння. Апрацоўчая прамысловасць на тры чацвёртых сканцэнтравана ў Вялікім Мантэвідэа. Яна арыентавана на перапрацоўку сельгассыравіны: харчовая (мясахладабойная, мясакансервавая, малочная) гарбарна-абутковая і тэкстыльная галіны. Прыкметную ролю ў эканоміцы маюць таксама нафтаперапрацоўчая і хімічная прамысловасць. 96 % электраэнергіі вырабляецца на ГЭС.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Працягласць чыгунак каля 3000 км, шашэйных дарог каля 10 000 км.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Спрыяльная ў цэлым эканамічная сітуацыя адбіваецца на росце асноўных паказчыкаў уругвайскага знешняга гандлю. Галоўным гандлёвым партнёрам Уругвая па экспарце стаў Кітай (21 %), застаюцца важнымі партнёрамі краіны-суседзі: Бразілія (14,7 %), Аргенціна (5 %), а таксама ЗША (19 %), Нідэрланды (6 %)[8]. Асноўныя прадукты экспарту: ялавічына, соя, сыр, рыс, малако, воўна. Большая частка ўругвайскага імпарту (2016) прыходзіцца на Бразілію (25 %), Кітай (15 %), Аргенціну і ЗША (па 10 %). Уругвай імпартуе нафту, аўтамабілі, электроніку, абсталяванне для харчовай прамысловасці, лекі.

Узброеныя сілы[правіць | правіць зыходнік]

Узброеныя сілы фармуюцца на прафесійнай аснове. Іх агульная колькасць складае 40 000 чалавек.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

У 1930 і 1950 Уругвай станавіўся чэмпіёнам свету па футболе. На чэміянаце свету 2010 года Уругвай дайшоў да паўфінала, але там прайграў Нідэрландам, а ў матчы за трэцяе месца — Германіі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]